Купальскі Фэст. 25 чэрвеня ў Палацы Мастацтваў
25 чэрвеня ў Палацы Мастацтваў (ст.м.плошча Перамогі, вул.Казлова,3) адбудзецца "Купальскі фэст" з удзелам фольк-гуртоў: GUDA, ГОСЬЦІЦА, ЯР і інш.
Пачатак 19:00. Кошт квітка 7.000р.
У межах фэсту БМАgroup прэзэнтуе апошнія альбомы: ЯР "Вясна красна", GUDA "Ігры багоў", ГОСЬЦІЦА "Пералёт трава".
Продаж квіткоў: пераход Я.Коласа і перад пачаткам канцэрта.
Даведкі па тэл. 6490888, 7662425.


Купальле, летняе народнае сьвята. Пад рознымі назвамі вядома многім індаэўрапейскім народам. У старажытнасьці Купальле было прымеркавана да летняга сонцастаяньня. Адзначалася як сьвята найвышэйшага росквіту жыватворных сіл Зямлі, у першую чаргу расьліннасьці, збажыны. Характарызавалася комплексам абрадаў, павер'яў, любоўнай і аграрнай варажбой. Днём дзяўчаты ішлі на луг, у поле зьбіраць купальскія зёлкі - багаткі, руту, папараць, васількі, купену і інш. Лічылася, што зёлкі, сабраныя на Купальле, маюць асаблівую лекавую моц.
Цэнтральнае месца сярод абрадаў і гульняў Купальля займала купальскае вогнішча, якое, па павер'ях, мела ачышчальную, жыватворную сілу. Вакол купальскага агню моладзь вадзіла карагоды, пераскаквала праз агонь, купалася ў рэчцы, качалася па расе (ачышчальная магія), сьпявала купальскія песьні, варажыла на вянках, якія дзяўчаты і хлопцы пускалі на рачную плынь, загадваючы на будучага мужа ці жонку.
У народзе верылі, што раз у год, якраз на Купальле, а 12 гадзіне ночы ў гушчары лесу зацьвітае кветка папараці, што здольная даць таму чалавеку, які яе сарве, празарлівасьць. Разам з тым Купальле - час разгулу змрочных сіл прыроды, разнастайных злых духаў, нячысьцікаў. Таму ў купальскую ноч рабілі розныя засьцярогі, выкарыстоўвалі ахоўную магію (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сьцены хлява зёлкамі і інш.).
Пасля пашырэньня хрысціянства да язычніцкага сьвята Купальля было прымеркавана рэлігійнае свята Яна Папярэдніка (Хрысьціцеля), што прывяло да ўтварэння назвы Іван Купала.


GUDA
Выканаўцы гурта GUDA практыкуюць голасны сьпеў, якi паходзiць ад гучнага сьпеву на адкрытым паветры. Асноўныя эстэтычныя крытэры выкананьня: уменьне "голасна весьцi" (сьпяваць працяжна, на вялiкiм дыханьнi), таксама "падняць" песьню (расьпець яе са звонкай грудной падводкай). Для голаснага сьпеву характэрна мноства гукавых фарбаў, акiя арганiчна ўплятаюцца ў меладычную лiнiю напеву (глiсы на ўзлётах ды спадах, падрыгваньнi голасу, доўгiя й кароткiя воклiчы на асобных фанэмах - так выконваюцца, найперш, песьнi вяснова-летняга цыклу, бальшыня вясельных ды радзiнных песень. Аснову рэпэртуару гурта GUDA складаюць абрадавыя песьнi - найбольш архаiчны пласт традыцыйнай народнай культуры. Многiя песьнi ўжо не сустракаюцца ў жывым бытаваньнi - яны ўзноўленыя паводле нотных запiсаў. Усе песьнi выконваюцца акапэльна.

ЯР
Удзельнiцы - Маша Лагодзiч - голас, флейта, Наташа Пятровiч - вiяланчэль.
Свой музычны кірунак музыкі вызначаюць як этна-авангард. "Можна яшчэ акрэслiць нашу працу тэрмiнам этна-мінімалізм i аб'яднаць усе гучным словам "эксперымэнт".


ГОСЬЦІЦА
"Госьціца" - адзіны ў Беларусі тэатар аўтэнтычнай і архаічнай музыкі і харэаграфіі, які перайшоў мяжу этнаграфізму і звяртаецца да гледача на сучаснай мове танцу мадэрн. Стваральніца і душа "Госьціцы" - кампазітар, харэограф і рэжысёр Ларыса Сімаковіч - у сваіх працах сумяшчае аўтэнтыку з уплывам мадэрну. "Фальклор - гэта закадаваная інфармацыя пра мінулае. І ў той жа час - гэта адлюстраваньне сучаснасьці, - мяркуе Ларыса Сімаковіч. - Творы папярэдніх пакаленьняў змяшчаюць у сябе вялізны пласт нашай гісторыі, і ўспрымаць яе можна як па гарызанталі, так і па вэртыкалі. Як калісьці сказаў Станіслаўскі, "ня трэба зусім паглыбляцца ў семнаццатае стагоддзе, трэба семнаццатае стагоддзе прыцягваць да сябе".