|
. усе фота . ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() |
. на галоўную . Ігры з багамі25 траўня ў залі менскага Моладзевага тэатра гурт аўтэнтычнага пяяння Guda прэзэнтаваў сваю новую праграму "Ігры багоў".Паводле Gegaruch.org Фотарэпартаж: Wiecier Mechaničny Адметнасцю праграмы стала прывязанасць спеваў да тутэйшых міталягічных сюжэтаў. Гэта стала вялікім крокам ад уласцівага дагэтуль спрэс усім "фальклёрным" (пагатоў – постфальклёрным) выступоўцам выканання народных спеваў на сцэне ў адвольным парадку, такой мяшанкаю з розных пораў году і розных абрадавых комплексаў. Гэтае новае – і адначасова старое, як свет ды нашыя мэлёдыі, – вырашэнне пытання дастасовы "прыроднага" пяяння да неўласцівага яму гарадзкога, сцэнічнага асяроддзя сведчыць: з усіх, хто стараецца пераймаць тутэйшы спеў у горадзе, Guda мае найбольшае разуменне таго, да якіх нязнаных стыхіяў мае дачыненне. І тут яны па іншы бок ад тых, для каго "фольк" толькі аздоба ўласнаму "нью-эйджу". Гадзінны выступ падзялілі на часткі, спевы ў кожнай з якіх былі матываваныя пэўным сюжэтам тутэйшай міталёгіі. Такія спеўныя блёкі адасабляліся адзін ад аднаго "ўводзінамі": на вялікім экране побач дэманстраваўся візуальны шэраг да кожнага з сюжэтаў, а галасы – жаночы, мужчынскі, дзіцячы – агучвалі міталягічны змест таго, што мела гучаць праз момант. Дый у часе самых спеваў пяюнні ня толькі зараджалі атмасфэру магутным глыбокім жаночым шматгалоссем, але і прадстаўлялі неад'емны ад хоць якой тутэйшай дзеі складнік руху. Рукі, узнятыя далонямі дагары адзінай спявачкай на паўасветленай сцэне, пад час спеўнай замовы да бога навальніцы Перуна сваёй скрайняй архаічнай простасцю ў пэўны момант змусілі проста забыцца на тое, што ўсё адбываецца сярод чужых тынкаваных сценаў, – нагэтулькі эмацыйна моцным аказваецца гэтая архетыповая постань, постань адарацыі, ушанавання. Рассыпаныя дзвюма пяюннямі з ільнянога покрыва срэбныя блёсткі – бы зоры, утвораныя з крышэння Богам месяца на сходзе, – неадступна нагадалі, што доля чалавека гэта адно вечнае вяртанне ва ўсіх сваіх дзеяннях касмічных першадзеяў, таго, "што багі рабілі напачатку". На жаль, шмат хто з (пост-) фальклярыстаў мяркуе наадварот: нібы акурат гэта ўлучаныя ў касмічныя кантэксты спевы мусяць пераймаць іхныя "чалавечыя, надта чалавечыя" тымчасовыя настроі. Гурту Guda сёння, як і ўжо на працягу васьмёх гадоў, наканавана быць арыентырам як у гусце, так і ў эмацыйным кшталце: рэдка які іншы гурт здольны праз увесь выступ правесці такую слоўную стрыманасць і глыбака ўзгодненую з унутраным станам сур'ёзнасць – голасу, твару, паставы. У шырокі публічны свет менавіта Guda прэзэнтуе і той вонкавы стыль строю, які цяпер усё часцей сустракаеш сярод прыхільнікаў нашай старажытнай ці сярэднявечнай спадчыны: спелага прымглёнага колеру клятчатыя даўгія спадніцы, ільняна-шэрыя кашулі з мінімумам або адсутнасцю вышытых узораў, простыя крыўскія фібулы-засцібкі, арнамэнтаваныя вугластай геамэтрыяй паясы. Нарэшце, што ж такое Guda? Апрача таго, што "гусці" або "гудзіць" – гэта працягла пяяць, назва гурта перагукаецца з імем, якім літоўцы называюць беларусаў, gudai, гуды. Вось што пісала, спасылаючыся на беларускага навукоўца Сяргея Санько, летась літоўская газэта Tautininku Zinios: "Цікавая рэч, што раней ад Прусіі да Дзукіі [усходняя частка Літвы] літоўцы гудамі называлі таксама і сваіх найбліжэйшых суседзяў, наступныя літоўскія вёскі на ўсход ад сябе. Гэта тлумачаць ад прускага слова guddi (кустоўе, зараснік): калі з Захаду рушыла хваля крыжакоў-хрысціянаў і несла новую веру, тыя, хто быў на Ўсход, заставаліся яшчэ паганцамі і нібыта "хаваліся" ад новай веры ў лясох. Дзеля таго і называліся "гудамі" (падобным чынам узнікла і нямецкая назва для паганцаў Heide). З гэтага ўсяго відаць, што і сама назва gudai яднае беларусаў і літоўцаў у адзін гістарычны кантэкст". Такім чынам, беларусаў літоўцы называюць так сама, як звалі тых, хто апошні трымаўся старой дзядоўскай веры. І гурт Guda праз усю сваю творчасць паказвае: яны вартыя свайго імя. |
||||||
. усе фота . |
. на галоўную . |